Класная гадзіна “Беларусь – краіна маёй будучыні”



                            “Беларусь – краіна маёй будучыні”

Мэты: 
o   засяродзіць увагу вучняў на гістарычным лёсе Беларусі; 
o   абуджаць у іх цікавасць да мінулага краіны і нацыянальнай    спадчыны;
o   фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Айчыны,таму што гэта краіна іх будучыні;
o   выхоўваць пачуццё любові да зямлі бацькоў, беларускага краю.

Эпіграф:
Ёсць у сусвеце планета Зямля.
Ёсць на зямлі той краіна адна,
А ў той краіне — прыстанішча, дзе
Сэрца званчэйшыя песні вядзе.
                                       Максім Танк
Ход урока:
Добры дзень! Сядайце. Дзеці, у мяне да вас ёсць незвычайная просьба. Вядома усім, што ад настрою залежыць праца і наадварот, што праца уплывае на настрой. Я хачу ведаць, з якім настроем вы прыйшлі да мяне на урок. Паглядзіце, калі ласка, на дошку, дзе умоўна кожнаму колеру адпавядае пэўны настрой. Чытаю запіс на дошцы:
Чырвоны –радасны
Блакітны – трывожны
Белы – добры
Жоўты – абыякавы
Чорны – дрэнны
Зялёны – сумны

На парце ў вас каляровыя квадрацікі. Выберыце квадрацік такога колеру, які адпавядае вашаму настрою, і пакладзіце на край стала. Астатнія квадрацікі схавайце пакуль. Дзякую.
А зараз, дзеці, паглядзіце адзін на аднаго, усміхніцеся адзін аднаму, паглядзіце на мяне, гасцей, бацькоў, усміхніцеся ім. Вось з такаім настроем і пачнём свой першы ў гэтым навучальным годзе ўрок.
Паглядзіце, калі ласка, на дошку, дзе напісаны словы Максіма Танка:
Ёсць у сусвеце планета Зямля.
Ёсць на зямлі той краіна адна,
А ў той краіне — прыстанішча, дзе
Сэрца званчэйшыя песні вядзе.

Скажыце, пра што будзем зараз гаварыць?
Так, правільна, пра Радзіму, пра нашу цудоўную Беларусь, таму што гэта краіна, дзе мы не толькі нарадзіліся, але і краіна нашай будучыні, таму што кожны з нас з’яўляецца сапраўдным грамадзянінам, сапраўдным патрыётам свайго краю – нашай прыгожай сінявокай Беларусі.

Першы чытальнік (выконвае верш Змітрака Марозава «Мне Богам дадзена Радзіма») :
Мне Богам дадзена Радзіма.
I адабраць яе ў мяне
Пад страхам смерці немагчыма
Тым, хто жыруе на мяне.
Мне Богам дадзена Радзіма.
I я заручаны душой з яе азёрнымі вачыма,
З яе жытнёвай цішынёй.
Мне Богам дадзена Радзіма...
Зноў, як замову, паўтару:
«Мне без яе жыць немагчыма,
Без Беларусі я памру».                                             
Першы вядучы. Бацькаўшчына.  
Другі вядучы. Радзіма.
Першы вядучы. Айчына.
Другі вядучы. Родны край.
Першы вядучы. Родная старонка...
Другі вядучы. Такімі шчырымі, лагоднымі словамі называем мы родную зямлю, дзе нарадзіліся, выраслі, грамадзянамі якой сталі.
Другі чытальнік (выконвае верш Кастуся Кірэенкі «Радзіма»):
Заўжды такая: шырыня і далі,
З сінечай неба сонечнай без дна.
Заўжды ў легендах, што вякі складалі,
 Заўжды — як спеў юнацтва, як вясна.
Заўжды — што заклік: пуцявінай роднай
Ляці па шчасце, крыўду адгані!
А ёсць і гэткая: трымціць пяшчотна
Уся ў маленькай цёплай далані.
Кранецца воч, ціхутка песціць скроні,
 Цяплом крывінкі ўспыхне ля шчакі.
Уся зямная ўцеха ў той далоні,
У ласцы найдарожшай той рукі.
Жальбу знімае, гнеў раптоўна цішыць,
 I боль у ёй спатоліцца спаўна...
 Але няхай не думае хто іншы,
Што ў ласцы гэтай кволая яна.
Не! Праз вякі няма ані пачатку,
 Ані канца вялікасці яе.
Хай толькі кіне час пра буру згадку —
Яна прад светам грознаю ўстае.
У самай светлай, у святой лагодзе
Сурова гоніць слабасць яна прэч.
 I за народа праўду — пры народзе
Ў тваю руку ўкладзе адплаты меч..
Першы вядучы. Бацькаўшчына — гэта ўвесь наш народ, гэта кожны з нас. Спадчына памнажаецца новым пакаленнем. Даўгі нашы вялікія перад усім тым, што завём мы Бацькаўшчынай. Тут і родная мова, і культура, і гісторыя наша. Чалавек жыве не хлебам адзіным.
Другі вядучы. Стагоддзі выпішуць наш партрэт не з праблем і недахопаў. Мы будзем паўставаць перад наступнымі пакаленнямі як нацыя, як еднасць людзей на зямлі, названай нашымі продкамі Беларуссю.
Першы вядучы. Усім нам хочацца ведаць нашу гісторыю, арыентавацца ў стагоддзях, шанаваць імёны і подзвігі продкаў, разумець мастацкае слова, якое здольна данесці ў сённяшні дзень подых вякоў, перадаць дух барацьбы і змагання слаўных сыноў за народнае шчасце. Зямля Беларусі — радзіма асветнікаў і гуманістаў, змагароў і герояў.
Трэці чытальнік (выконвае верш Навума Гальпяровіча «Веі замружу…»):
Веі замружу, і ўбачыцца вечар —
Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя над Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.
А за стагоддзямі ў прыцемку сінім
Вочы зямлячкі маёй, Ефрасінні.
Цьмяна бялее на кнізе рука,
Б'ецца аб шыбу агонь матылька.
Полацк драўляны. Малінавы звон...
Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?
Можа, твой майстар на холад муроў
Выплеснуць здолеў гарачую кроў.
Позірк праменны, дыханне надзей,
Каб засталося святло для людзей?
Што ты хацела на роднай зямлі?
Ды цішыня. I стагоддзі прайшлі.
Толькі вось цэркаўкі белы пажар.
Толькі аблокаў павольных цяжар.
Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім
Позірк зямлячкі маёй, Ефрасінні.
Гучыць песня “Крыж Еўфрасінні” (муз. Т. Цімафеевай, сл. А. Бембеля)

…Птушка белая - над Краінай Сіняй
то ахова наша і сіла…
гэта дух Святой Еўфрасінні…
гэта слова Святога Кірыла…
то ахвярнасць Сафіі Слуцкай…
і пакутнікаў Вільні даўняў…
то святыя зямлі Беларускай
Да Хрыста ўзышлі пакаянна…
…Птушка белая па-над Краем Сінім,
барані нас ад чорнае былі…
хай асвенцяць Божыя сілы
нас, што ў немачы саграшылі…
Крылы белыя, белых анелаў.
захавайце нам нашу святыню,
хай заўседы сіяе нам зоркай
крыж вялікай, святой Еўфрасінні
Другі вядучы. Дык якая ж яна, наша зямля?!
Першы вядучы. «Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру».
Другі вядучы. Так пісаў пра сваю Радзіму Уладзімір Караткевіч у нарысе «Зямля пад белымі крыламі».
Чацвёрты чытальнік (выконвае верш Ніла Гілевіча «Лірычны каментарый да нашага радаслоўя»)
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузлякамі упартасці.
Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўспоены,
Сонцам родных   мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі —
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да святла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці —
Веру — мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
3 гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя —
Нашы сэрцы ад іх толькі болыш загартуюцца!
I як вечна вясне святкаваць тут агледзіны,
Мовай радасці з долам і небам гамонячы, —
Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.
Першы вядучы. Якая яна, наша зямля?!
Другі вядучы. Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе блукаюць зубры-волаты і горда нясуць свае кароны алені.
Першы вядучы. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца.
Другі вядучы. Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Гучыць песня «Люблю наш край» (муз. М. Равенскага, сл. К. Буйло)

Першы вядучы. Наша зямля — гэта старадаўнія гарадзішчы і курганы, пад якімі спяць яе абаронцы, у барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў.
Другі вядучы. Гэта палеткі, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны.
Першы вядучы. Гэта жальнікі, на якіх гарэў калісьці агонь перад курганамі мудрых продкаў.
Другі вядучы. Гэта вечныя агні перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памятаем жывымі.
Першы вядучы. Наша зямля — гэта людзі і іх вечная, неўміручая праца.
Другі вядучы. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць песні, нібы на адным дыханні, так, што, здаецца, спяваюць самі нівы і лясы, складаць вершы, у якіх пяшчота пацалунка і суровасць удару мяча.
Першы вядучы. Няма такой сілы, каб годна апець рукі тыя, што ствараюць памяць у рэчах: наша чароўнае шкло і кераміку, тканіны і кафлі, рэчы з металу і скуры, непаўторныя старадаўнія жывапіс і скульптуру.
Пяты чытальнік (выконва верш Еўдакіі Лось «Продкі»)
Мая радзіма —
Жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
Яна —
Пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след...
Мая радзіма —
Дзе з-за бору
Ўзыходзіць месяц уначы,
Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы
Жылі калісьці крывічы...
Валілі лес, аралі ляды,
Сушылі гуртам нераты
I да туманных даляглядаў
Ганялі спраўныя плыты.
Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу, зямлю
I аднаму маліцца богу —
Нялёгкай працы мазалю.
Таму і праўнуку, і ўнуку
Было няміла нішчыць, біць;
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць...
Рабіў ён зрубы залатыя,
Нарогі, гонкія чаўны
I сцены белыя Сафіі
Над плынню быстраю Дзвіны.
Умеў мой продак човен ладзіць,
Паліць ікластыя карчы,
Таму, хто ў роспачы, —дарадзіць,
Таму, хто ў горы, —памагчы...
Другі вядучы. Наша зямля — гэта і кожны трэці жыхар Беларусі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. А колькі на беларускай зямлі брацкіх магіл! Падчас вайны была зруйнавана амаль уся тэрыторыя нашай краіны. Было разбурана і спалена 209 гарадоў, 9200 вёсак.
Першы вядучы. Першай прыняла яна ўдары ворага і гераічна змагалася з ім, пакуль знішчальны каток вайны не перакаціўся назад, за мяжу.
Другі вядучы. Канцлагеры, дзе кожную хвіліну для кагосьці навекі згасаў свет, і шыбеніцы, і расстрэлы.
Першы вядучы. I ў лясах амаль чатырыста тысяч чалавек пад ружжом, якія да канца, часам цаною жыцця адстойвалі ад ворага чысты водар Радзімы.
Шосты чытальнік (выконвае верш Уладзіслава Нядзведскага «Я помню ўсё») 
Я помню ўсё...
Я стаў дарослым рана —
У дваццаць год на скронях сівізна.
Зноў у грудзях занылі моцна раны,
I праклінаю я цябе, вайна!
Я помню ўсё...
Магілы на узгорку,
Дзе плача вечна ссохлая сасна
I лезе ў вочы дым пажараў горкі:
Праклён табе, пачварная вайна!
Я помню ўсё...
Стаяў я побач з тымі,
Хто на змаганне родны край узняў.
Гудзе няўмольна перазвон Хатыні:
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё...
Я чую голас маці,
Якую перад смерцю не абняў.
Ты нас навек прымусіла расстацца —
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Як вывадак звярыны
Жывых дзяцей у яму заганяў,
Я помню крыж фашысцкі на машыне...
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё...
I як гарэлі людзі...
Ліпучы снег, што кроўю набрыняў.
Мне крык памершых раздзірае грудзі:
Праклён, фашызм! Праклён табе, вайна!
Другі вядучы. I жонка была гатовая аддаць мужа, а матка паслаць сына ў полымя. I пайсці за імі. На бой, на прарыў блакады.
Першы вядучы. Дзеля таго каб зберагчы волю, веру, спрадвечны лад жыцця, Бацькаўшчыну.
Другі вядучы. Каб спустошаная вайной краіна ажывілася працаю тых, хто выжыў і перамог, заззяла радасцю і святлом, заквітнела садамі і здзіўляла цудоўнымі будынкамі, зашумела нівамі, зазвінела адвечнай і неўміручай нашай песняй.
Першы вядучы. Каб зберагчы і пасля ўпрыгожыць маці нашу, зямлю, гэтыя азёры і нівы, сівыя пушчы, светлыя воды, курганы продкаў, старадаўнія і новыя кнігі, песню сваю і слова, веды свае — усё, што за тысячагоддзі стварылі іх рукі, аж да камянёў сівых будынкаў.
Другі вядучы. Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць яго бацькоў і продкаў, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа.
Першы вядучы. Цудоўная і непаўторная спадчына ў беларускага народа. Стагоддзямі, узбагачаючы і ўдасканальваючы, нягледзячы на цяжкія гістарычныя ўмовы, на ліхалецці войнаў, стваралі беларусы народнае мастацтва, у якое ўкладвалі тонкі густ і высокае майстэрства.
Другі вядучы. Адыходзіла і гублялася многае, але тое, што засталося, раскрывае перад намі дзівосны і мудры свет народа — ашчаднага захавальніка ўсяго лепшага і таленавітага творцы.
Першы вядучы. Беларуская народная творчасць — гэта паэма беларускага народа, люстэрка яго душы, невычэрпная крыніца творчага натхнення і мастацкіх вобразаў.
Другі вядучы. Народ заўсёды і ва ўсім — мастак.

Гучыць народная песня “Купалінка”

Першы вядучы. Кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю, але не для таго, каб яе паўтараць, бо паўтарэнне гісторыі, нават самай бліскучай, азначае тое, што народ гэты не мае ўжо сваіх ідэалаў у будучым, што ён бачыць іх толькі ў мінулым, а гэта раўназначна яго пагібелі.
Другі вядучы. Хаця гісторыя па сваім змесце заўсёды звернута ў мінулае, але яна даследуецца і вывучаецца дзеля будучыні.
Першы вядучы. Як чалавек, што, страціўшы памяць, становіцца бяздумным, абыякавым і, па сутнасці, перастае быць чалавекам, так і народ, які забываецца на сваё мінулае, робіцца бездапаможным і перастае быць народам!
Другі вядучы. Памяць народа — гэта самае вялікае багацце, якое і называецца спадчынай. Род і народ яднаюцца адным дарагім словам — Радзіма. Гэта родныя і блізкія табе людзі, твая сям'я, твае продкі, памяць пра іх добрыя справы.
Першы вядучы. У кожным з нас павінна жыць памяць аб іх светлых вобразах. Не павінна забыцца, сцерціся з памяці і бацькоўская вера, матчына мова, народныя звычаі, традыцыі.
Другі вядучы. Без ведання гістарычнага мінулага не можа быць ні сучаснасці, ні будучыні.
Першы вядучы. Мінулае — гэта карані нашага тысячагадовага радаводнага дрэва. Не будзе каранёў — загіне дрэва, не застанецца ў будучым і памяці пра нас.
Другі вядучы. I таму трэба захоўваць, берагчы не толькі радаводнае дрэва, але і кожную яго галіну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкіх продкаў, павінна вечна шумець сакавітым лісцем.
Першы вядучы. I мы ганарымся, што сярод нас ужо ёсць галінкі, хоць і маладзенькія, — тыя, каму не абыякавы лёс сваёй Бацькаўшчыны, хто свеціць праменьчыкам надзеі на будучае.
Вучаніца чытае сваё сачыненне:
Шануючы свае карані, мы атрымліваем права людзьмі звацца
Мы — беларусы. Мы жывём на зямлі Усяслава Чарадзея і Еўфрасінні Полацкай, на зямлі Тадэвуша Касцюшкі і Янкі Купалы, на зямлі, дзе кожны камень — маўклівы сведка мінуўшчыны, а кожная жменя пяску красамоўна апавядае пра багатую, насычаную падзеямі гісторыю нашай Радзімы.
Яна, наша Бацькаўшчына, узгадавала нас сваімі казкамі і песнямі, адкрыла перад намі шлях у жыццё. Сярод цяжкасцей і выпрабаванняў яна — наш маяк, агеньчык якога асвятляе душу радасцю і спакоем, дае надзею на лепшае, не дазваляе апусціць рукі і спыніцца на паўдарозе.
Дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у сэрцы заўсёды будзе цепліцца адчуванне шчасця і яднання з Айчынай. Яно, гэтае адчуванне, ніколі не дасць нам забыцца на тое, хто мы і адкуль мы. I пакуль мы ведаем свае карані, пакуль шануем Беларусь, пакуль паважаем сваіх продкаў, мы будзем існаваць як народ, як нацыя. Страцім карані свайго паходжання, зганьбім Радзіму — страцім сябе, ператворымся ў безаблічную шэрую масу.
Мы павінны адстойваць сваю годнасць, свой гонар, сваё права звацца беларусамі. А гэта немагчыма зрабіць, не ведаючы жыцця нашых прашчураў, не ведаючы сваёй гісторыі. Такі чалавек — як дрэва без каранёў: ён не можа жыць паўнацэнным жыццём, а проста існуе.
Я лічу, што ўсё, сказанае вышэй, адносіцца ў роўнай ступені да кожнага з нас. Ведаючы сваю гісторыю, сваю Радзіму, нам лягчэй зразумець сябе. Шануючы родную зямлю, мы атрымліваем права людзьмі звацца.І мы разумеем, што Беларусь – краіна нашай будучыні.
Вучні чытаюць свае вершы:
                     Мой родны кут
            Мой край, мой родны, мiлы кут
            Я тут сваё жыццё праводжу.
            Мой дом i шчасце маё тут,
            Сяброў найлепшых тут знаходжу.
            Ля поля, леса, ля азёр
            Я прыгажосць навокал бачу.
            Шмат чую птушак галасоў,
            Бяскрайнiя прасторы бачу.
I помню тое, што дзяды
За нас жыццё сваё аддалi,
Што ў годы цяжкiя вайны
За Беларусь яны змагалiсь.
          Калi спытаеш ты мяне,
         Дзе край мой, дзе мая Радзiма,
         Я адкажу тады табе,
         Што Беларусь — мая Радзiма!!!
                 Беларусь мая...
            Беларусь мая, родны куточак!
            Засталася ты мне ад бацькоў
            Мне з дзяцiнства знаёмы геёчак,
            У якiм чутны песнi буслоў.
            Мне з дзяцiнства знаёмы твой голас,
            А таксама твая прыгажосць.
            Беларусь мая, родны куточак,
            Як я рада, што ты ў мяне ёсць.
            Як я рада, што ёсць шмат прыгожых,
            Шмат сардэчных i шмат шчырых слоў.
            Беларусь мая, родны куточак,
            Iмi выкажу да цябе я любоў.
            Беларусь! Ты адна ва ўсiм свеце!
            Для мяне ты, Радзiма, адна!
            I ў якой старане не была б я,
            Беларусь! Ты такая адна!!!

Напрыканцы літаратурна-музычнай кампазіцыі выконваецца песня «Белая Русь».
Рэфлекіся.
·         Ці задаволены сваёй работай на ўроку?
·         Ці запомніцца вам гэты ўрок?
·         Які настрой у канцы ўрока? Якім колерам вы адзначылі?
·         Чым тлумачыце змены настрою?

Комментариев нет:

Отправить комментарий