Нацыянальная кухня Беларусі развівалася стагоддзямі. Кулінарныя традыцыі беларусаў – гэта прастата народных рэцэптаў і вытанчанасць страў для арыстакратаў, разнастайнае выкарыстанне мясцовых прадуктаў і незвычайныя спосабы гатавання.
Старадаўнія рэцэпты беларускай кухні захаваліся да нашых дзён, і інтарэс да іх сярод гасцей краіны расце.
У рэстаранах з нацыянальным каларытам вам прапануюць не толькі народную кухню, але і вытанчаныя стравы, якія падаваліся на стол у рэзідэнцыях беларускіх магнатаў.
Пакаштаваць нацыянальную кухню можна і ў аграсядзібах, дзе для гатавання страў – нярэдка ўнікальных, распаўсюджаных толькі ў адной мясцовасці – выкарыстоўваюцца самыя свежыя вясковыя прадукты.
Тут пякуць хлеб па старадаўніх рэцэптах і тэхналогіі, гатуюць дамашнія мясныя далікатэсы, сыры з каровінага або казінага малака, падаюць ласункі з мёду, яблыкаў, журавін.
У дамашняй кухні беларусаў нацыянальныя стравы таксама папулярныя. Сярод самых любімых – мачанка і верашчака, дамашнія каўбасы, дранікі, калдуны, клёцкі, бульбяная бабка, халаднік са шчаўя, грыбныя супы…
Старадаўняя беларуская кухня
Беларуская кухня сфарміравалася пад уздзеяннем двух асноўных фактараў:
- актыўнае земляробства і шырокае выкарыстанне мясцовых прадуктаў
- уплыў суседніх краін і перасяленцаў
З часоў Вялікага Княства Літоўскага ў нацыянальнай кулінарыі цесна пераплялісяславянскія, балтыйскія, яўрэйскія, а часткова і нямецкія карані.
Таму беларуская кухня – адна з самых разнастайных на кантыненце. Яна падобная да рускай, літоўскай, украінскай, польскай, яўрэйскай, але па-свойму ўнікальная, надзвычай сытная і смачная.
У даўніну свае гастранамічныя традыцыі былі ў кожнага саслоўя, дзякуючы чамуў беларускай кухні з’явіліся цэлыя напрамкі: сялянская і мяшчанская, шляхецкая і магнацкая кухні.
У беларускіх стравах шырока выкарыстоўваліся мясцовыя прадукты:
- агародніна і зяленіва (капуста, рэпа, буракі, морква, бручка, пастарнак, тыква, бульба, агуркі, цыбуля і часнок, шчаўе, крапіва, лебяда, карэнне зайцавай капусты)
- бабовыя (бабы, гарох, сачавіца, фасоля)
- злакі (жыта, ячмень, авёс, грэчка)
- грыбы (салёныя, сушаныя, у парашку)
- садавіна і ягады (яблыкі, грушы, слівы, вішні, парэчка, чарніцы, буякі, брусніцы, маліна, рабіна, каліна, шыпшына)
- спецыі і прыправы (кмен, каляндра, ільняное семя, хрэн, аер, гарчыца, ядловец, вішнёвае і дубовае лісце)
Бульба заслугоўвае асаблівага ўпамінання: з’явіўшыся ў Беларусі ў XVIII стагоддзі, яна ўзбагаціла нацыянальную кухню і сталаасновай многіх беларускіх страў. Гэта знакамітыя дранікі, калдуны, пызы, бульбяная каўбаса, клёцкі, бабка…
Многія стагоддзі беларусы ўжывалі абмежаваную колькасць мяса, як правіла, у святочных стравах, у выглядзе салёных і вяленых прадуктаў. Але з цягам часу мясны рацыён пашырыўся. Найбольш папулярнымі былі:
- свініна
- бараніна
- ялавічына
- птушка (куры, качкі, гусі, індычкі)
- дзічына (лось, казуля, дзік, бабёр)
У нацыянальным меню – вялікае багаццестраў з мяса і птушкі (пячыста, кумпячок, мачанка, верашчака, тушанка, смажанка), разнастайныя дамашнія каўбасы, салёнае сала, стравы з субпрадуктаў (вантрабянка, рубцы – фаршыраваны свіны страўнік з мясам і грэцкай кашай), вэнджаніна…
У беларускай кухні нямала страў з рыбы, як правіла, рачной (лінь, асетр, шчупак, мянтуз, лешч, вугор, фарэль, акунь, карп). З яе варыліюшку, рабілі клёцкі, рыбу салілі, вэндзілі. І сёння ў рэстаранах падаюць знакаміты"Судак па-радзівілаўску".
З малочных прадуктаў самымі распаўсюджанымі былі тварожны сыр (каровін і казіны), смятана, масла. Малако ўваходзіць у рэцэпты многіх беларускіх страў у выглядзе "забелак", "закрасы" і "валог" (дабавак). Гэта супы, кашы, мачанка.
Стравы беларускіх вяскоўцаў былі сытнымі, адносна нескладанымі ў прыгатаванні (многія доўга тушыліся ў печы), але заўсёды свежапрыгатаванымі: астылую або разагрэтую ежу на стол не падавалі!
Магнацкая і шляхецкая кухні вызначаліся большай вытанчанасцю, багаццем прадуктаў і спецый, у тым ліку экзатычных, і, вядома, складанай тэхналогіяй гатавання. На княжацкім стале з’явіліся ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце,фаршыраваныя вугры, юшка з пеўня...
Асаблівасці нацыянальнай кухні Беларусі
Характэрныя рысы вылучаюць беларускую кухню сярод кулінарных традыцый іншых краін, надаюць ёй каларыт і непаўторнасць.
Напрыклад, беларуская кухня вызначаецца даволі складанай і працяглай апрацоўкайпрадуктаў. Тушэнне, запяканне, варка, бланшыраванне, смажанне – гэтыя прыёмы могуць чаргавацца ў адным рэцэпце.
У многіх нацыянальных стравах выкарыстоўваюцца розныя віды мукі – аўсяная, грэцкая, гарохавая, жытняя, іх сумесі.
Прычым мука – не толькі асноўны інгрэдыент (аладкі перапечы, спецыфічныя беларускія бліны з некалькіх відаў мукі, гарохавыя аладкі і г.д.), але і дабаўка-загушчальнік ("закалота" для супоў). Цеста ў Беларусі здаўна замешвалі без дражджэй.
У рэцэптах беларускай кухні – вялікая колькасць разнастайных страў з агародніны. Многія з іх, нягледзячы на славянскую аснову, унікальныя.
Напрыклад, суп жур (посны, малочны або мясны) на аснове аўсянага адвару,поліўка (вадкі суп з круп і агародніны), морква (суп з морквы), грыжанка (суп з бручкі), гарбузок (суп з гарбуза)…
Асаблівая гордасць нацыянальнай кухні – традыцыйны беларускі хлеб, які выпякаецца з жытнёвай мукі без дражджэй, на спецыяльна вырашчанай заквасцы. Для здаровага харчавання гэта вельмі карысны прадукт.
Беларускі хлеб па вазе больш цяжкі, з прыемнай смакавай "кіслінкай". У старадаўніх рэцэптах выкарыстоўваюцца розныя дабаўкі: кмен, ільняное семя, семкі. Сам хлеб нярэдка выпякаўся на "падушцы" з лісця бярозы, дуба…
Беларуская кухня сёння
Сучасная кухня Беларусі па-свойму эклектычная. У ёй захоўваюцца і адраджаюцца старадаўнія нацыянальныя рэцэпты і становяцца папулярнымі стравы з розных краін свету.
Сёння рэстараны прапануюць сучасныя інтэрпрэтацыі беларускіх страў, дзе ўвасабляюцца арыгінальныя ідэі шэф-повараў і прынцыпы высокай кухні з улікам багацця прадуктаў, змены сезонаў і г.д. Вы абавязкова ацэніце цудоўны смак такіх страў, як:
- Белыя грыбы, марынаваныя па-дамашняму, з алеем, цёплай бульбай, пшанічнымі грэнкамі і зялёнай цыбуляй
- Жур з яйкам, вэнджанінай і смятанай
- Грачанікі са смятанна-цыбульным соусам
- Дранікі са смятанна-яблычным соусам
- Верашчака з грэцкімі блінамі
- Бігос з квашанай капусты з вэнджанінай, грыбамі і чарнаслівам
- Пячыста са свінога кумпяка
- Груша па-радзівілаўску, запечаная ў мёдзе з прыправамі
У ХХ стагоддзі – у савецкі час – у харчаванне беларусаў прыйшлі рэцэпты і кулінарныя традыцыі іншых нацыянальнасцей: руская, украінская, каўказская, сярэднеазіяцкая кухні. У меню рэстаранаў і сталовых таго часу з’явілася шмат заходнееўрапейскіх страў з мяса.
Галоўнымі зменамі, якія адбыліся ў беларускай кухні на працягу ХХ стагоддзя, сталі:
- шырокае распаўсюджванне пшанічнай мукі і страў з яе (многія стагоддзі беларусы выкарыстоўвалі пераважна жытнёвую муку)
- з’яўленне салатаў
Сёння ў рэстаранных меню вы знойдзеце ібеларускую, і розныя еўрапейскія,усходнія кухні, сучасныя напрамкі кулінарыі (wellness, ф’южн).
Але прыехаўшы ў Беларусь, абавязкова пакаштуйце нацыянальную кухню – стравы, якія толькі тут могуць быць сапраўды беларускімі.
Вы даведаецеся, наколькі беларуская кухня смачная, цікавая, а часам цалкам эксклюзіўная і непрадказальная!
Беларускія дэсерты
З даўніх часоў галоўным салодкім дэсертам для беларусаў быў мёд. Таксама гатавалі саладуху (соладавае цеста), кулагу (кісель з ягад, мукі, цукру і мёду), печаныя яблыкі.
Сярод знакамітых рэцэптаў – салодкія бліны з тварожнай мачанкай, груша па-радзівілаўску.
Сёння найбольш папулярныя дэсерты:
- марожанае, узбітыя вяршкі
- пірожныя
- садавіна і ягады (яблыкі, грушы, чарніцы, журавіны, клубніцы)
Па матэрыялах сайта: http://www.belarus.by
Комментариев нет:
Отправить комментарий